«Не што іншае, як міф». Што напісана пра сталінскія рэпрэсіі ў падручніках па гісторыі Беларусі

Мнение • Павел Свердлов
Ад сталінскіх рэпрэсіяў, па розных ацэнках, пацярпелі ад 625 тысяч да 1,5 мільёна жыхароў Беларусі. 29 і 30 кастрычніка — час прыгадаць пра іх. Але чаму менавіта ў гэтыя дні? KYKY параўноўвае звесткі пра рэпрэсіі з падручнікаў сённяшніх беларускіх дзесяцікласнікаў і школьнікаў, якія вучыліся ў 1990-я.

29-30 кастрычніка 1937 года ў падмурках НКУС былі расстраляныя больш за 100 беларускіх інтэлегентаў. Па надуманых справах, па даносах, напісаных пасля катаванняў або з зайздрасці — за адну ноч былі знішчаныя людзі, якія дбайна адраджалі ў Беларусі беларускае. Пісалі вершы, рабілі навуковыя даследаванні, складалі падручнікі, вучылі дзетак, займалі самыя розныя пасады ў апараце дзяржаўнага кіравання.

Расстрэлы працягваліся і далей. Па розных ацэнках, толькі ў Курапатах пад Мінскам закапана ад 30 тысяч да 100 тысяч беларусаў, а Зянон Пазняк, які праводзіў там раскопкі, сцвярджае, што там можа ляжаць да 250 тысяч расстраляных. Пасля смерці Сталіна звесткі пра іх пакрысе вярталіся ў запалоханае грамадства. У пачатку 1990-х пра рэпрэсіі напісалі ў падручніках па гісторыі Беларусі. Але сёння іншыя часы — і іншыя падручнікі. А ў размовах час ад часу даводзіцца пачуць, што нашаму грамадству не хапае Сталіна... У гадавіну страшнай ночы KYKY параўноўвае сённяшнія школьных падручнікі з выдадзенымі 20 гадоў таму.

«На ўзбраенне ўзяты новы метад — увогуле не згадваць»

«У 2009 годзе выйшаў новы падручнік для 11-х класаў 'Гiсторыя Беларусi. XIX – пачатак XXI ст.' Яўгена Новіка. У ім увогуле адсутнічае слова 'рэпрэсіі', агаломшвае назіраннем кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў. — У падручніках 1990-х гадоў ёсць раздзел 'рэпрэсіі'. Пасля 2000 года яго прыбралі, але пакінулі фрагмент пра тое, што савецкая ўлада мусіла абараняцца, таму рэпрэсіі, якія праводзіліся, былі абгрунтаваныя і мелі заканамерны характар. У падручніку Новіка і гэта сарамліва апушчана».

Гісторык робіць выснову, што на ўзбраенне ўзяты новы метад — увогуле не згадваць: «У падручніках пасля 2000 года не згадваюцца Курапаты. Няма паняцця 'месцы масавых пахаванняў', хаця іх дзясяткі».

На сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі KYKY знайходзіць падручнікі, па якіх навучаюцца сучасныя школьнікі. 1930-я прыпадаюць на праграму 10-га класа. У падручніку таго ж Яўгена Новіка «Гісторыя Беларусі 1917 — 1945», выдадзеным у 2012 годзе, рэпрэсіі згадваюцца. Хаця і зусім не так часта, як варта было б.

Напрыклад, у «гістарычным партрэце» літаратара і дзяржаўнага дзеяча Змітра Жылуновіча пра тое, што ён быў рэпрэсаваны, ускосна сведчыць толькі год смерці — 1937.


У біяграфіях загінулых рэпрэсіі не згадваюцца

У частцы пра НЭП тры абзацы прысвечаныя наркаму сельскай гаспадаркі БССР Змітру Прычшэпаву. У 1920-я ён хацеў зрабіць з Беларусі «чырвоную Данію» і выступаў за тое, каб селянін самастойна выбіраў, быць яму ў саўгасе ці на хутары. Натуральна, высілкі Прышчэпава не прайшлі незаўважанымі «цэнтрам»: у 1930 годзе ён быў арыштаваны і прысуджаны да 10 гадоў зняволення. Выпушчаны ў 1937 годзе, праз паўтара месяцы — у Магадане — арыштаваны ізноў. Этапаваны ў Мінск і прысуджаны да расстрэлу, якога не дачакаўся — памёр у турэмным шпіталі. У падручніку ж пра ўсё гэта — сарамлівая фраза: «У 1929 г. Д.Прышчэпаў быў выключаны з партыі і зняты з пасады наркама».

Згадкі пра рэпрэсіі ёсць у гістарычным партрэтце Аляксандра Чарвякова. У 1937 годзе зацкаваны старшыня ЦВК БССР скончыў жыццё самагубствам.

Але ў партрэтах іншых кіраўнікоў тагачаснай Беларусі — Мікалая Гікала і Мікалая Галадзеда — пра рэпрэсіі ні слова. Няма іх і ў кароткім нарысе з жыцця акадэміка Усевалада Ігнатоўскага, які ў 1931 годзе ў адчаі застрэліўся паміж допытамі. Ігнатоўскі быў адным з рухавікоў беларусізацыі 1920-х, узначальваў Інстытут беларускай культуры і Акадэмію навук БССР. І стаўся адной з першых ахвяраў кампаніі бальшавікоў супраць «нацыянал-дэмакратызму».

З тых, чые партрэты ёсць на старонках падручніка, прысвечаных беларусізацыі, сталінскія каты злітаваліся толькі над Еўсцігнеем Міровічам. Яўхім Карскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі да 1937 года не дажылі, але спазналі «прыхаванае» цкаванне: ім не давалі друкавацца, асуджалі творы, не зацвярджалі на пасадах. Мікола Шчакаціхін памёр за кратамі ад сухотаў. Першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта прайшоў праз зняволенне і высылку, але дзякуючы ўмяшальніцтву замежных таварышаў здолеў вярнуцца ў вялікую навуку. А Уладзіслаў Галубок быў расстраляны той самай восенню 1937 года... Пра гэта ў падручніку не напісана.

Але далей ёсць цэлы раздзел, прысвечаны рэпрэсіям

Ён мае падзагаловак «Палітычныя рэпрэсіі». У ім масавае цкаванне беларускай інтэлігенцыі ад пачатку прадстаўлена як змаганне з праціўнікамі Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы. Але ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Хіба былі праціўнікамі Саветаў акадэмікі Ігнатоўскі і Пічэта, паэты Дубоўка і Таўбін, рэктар БДУ і колішні чырвонаармеец Ананій Дзякаў і дырэктар трэста «Галоўхлеб» Георгі Барзуноў? «Пытанне, чаму адбываліся рэпрэсіі, іх сапраўдныя прычыны ў гістарыяграфіі асвятляюцца з рознай ступенню аргументаванасці», — нібыта адказвае нам Яўген Новік.

Далей аўтар падручніка тлумачыць, што такое нацыянал-дэмакратызм. І ўсё ж піша, што «многія справы былі сфальсіфікаваныя, віна асуджаных не была даказаная. Нярэдка следства суправаджалася здзекамі і катаваннямі, калі арыштаваных прымушалі прызнавацца ў злачынствах, якіх яны не рабілі. Законнасць груба парушалася. Даносы, паклёпы, абгаворы сталі звычайнай з'явай».


У падручніку няма ніводнай канкрэтнай даты расстрэла, ніводнай згадкі пра Курапаты ці іншае месца масавых пахаванняў. З катастрофы, для якой можна было б знайсці тысячу яскравых ілюстрацый, рэпрэсіі ператварыліся ў звычайнае злачынства. Парушэнне законнасці.

Лічбы, якія згадвае Яўген Новік: 826, 108 — гэта не сотні тысяч ахвяраў. Праўда, у апошнім абзацы чытаем: «З сярэдзіны 1950-х да сярэдзіны 1990-х у Беларусі было рэабілітавана больш за 160 тыс. грамадзян». Але тут жа: «Разам з тым дзясяткі мільёнаў ахвяр палітычных рэпрэсій у СССР, пра якія расказваецца ў публікацыях апошніх дзесяцігоддзяў, не што іншае, як міф, запушчаны ў грамадскую свядомасць для дыскрэдытацыі сацыялістычнай сістэмы».

Таксама ў падручніку ёсць дадатковы матэрыял, у якім аўтар разважае пра прычыны рэпрэсіяў:

Гэта лепш, чым нічога. Але зусім іншая карціна ў падручніках 1990-х

Па-першае, масавыя рэпрэсіі названыя масавымі. Аўтары падручнікаў называюць рэчы сваімі імёнамі:

Уверсе фрагмент падручніка «Беларусь — мая Радзіма», ніжэй — падручніка для 9 класа «Гісторыя Беларусі 1917 — 1996» пад рэдакцыяй Мікалая Сташкевіча

У падручніку «Беларусь — мая Радзіма» напісана пра 22 тысячы расстраляных камуністаў. Аўтар не стварае ў сваіх чытачоў ніякіх ілюзіяў пра тое, што рэпрэсаваныя былі ворагамі савецкай улады. У іншым месцы пералічаныя прозвішчы знішчаных пісьменнікаў: М. Гарэцкі, М. Чарот, М. Зарэцкі, П. Галавач і іншыя.

На наступнай старонцы распавядаецца пра месцы масавых расстрэлаў і пра тое, як яны праходзілі. Так рэпрэсіі з нечага далёкага, да чаго мы не маем дачынення, ператвараюцца ў канкрэтную падзею, звязаную з яркімі вобразамі:

«Здаўна гэта месца непадалёку ад Магілёва называлася 'конскія могілкі'. Тут сяляне закопвалі жывёл, якія аджылі свой век. Аднойчы гэта месца абнеслі незвычайна высокім плотам і паставілі вартаўнікоў. Ноччу прыязджалі машыны, чуліся прыглушаныя галасы, выстралы. Так працягвалася некалькі гадоў запар.

Звыш30 тысяч жыхароў Беларусі было расстраляна непадалёку ад Мінска ва ўрочышчы Курапаты. Фактычна, такімі курапатамі была пакрыта ўся беларуская зямля».

Падручнікі, выдадзеныя 20 гадоў таму, апісваюць сталінскія рэпрэсіі так, што ад іх складана адмахнуцца і забыць, перагарнуўшы старонку.

Рэпрэсіі працягнуліся і пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці, якія вучылі гісторыю Беларусі ў 1990-я, ведаюць пра гэта. Дзеці, якія вучаць зараз, наўрад ці будуць ведаць, бо ў іх падручніках пра гэта нічога няма. У падручніку, выдадзеным у 1999 годзе, ёсць згадка пра паэта Уладзіміра Дубоўку, які правёў у ГУЛагу 27 гадоў жыцця:

Дарэчы, слова «ГУЛаг» мы ў сучасным падручніку па гісторыі Беларусі таксама не знайшлі. Яшчэ адна з'ява, пра якую лепш не згадваць, каб не псаваць уражанне пра вялікую краіну?

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Как пройти на Belarus Fashion Week, если ты в «черных списках»

Мнение • Саша Романова

«На Неделе моды журналистов не жалуют: во-первых, не купят ничего у дизайнеров, во-вторых, напишут гадости. Знаете, как о мертвых – либо хорошо, либо нечего. Я же предполагаю, что белорусская мода жива, а потому рискну высказать собственное мнение». Главред KYKY оценила последний день показов Belarus Fashion Week.