— яны захавалі нацыю, народ».У сібірскім горадзе, які да рэвалюцыі быў месцам палітычнай ссылкі, жыве Алег Рудакоў, заснавальнік «Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага», які фатаграфуецца на дакументы ў вышыванцы і размаўляе на беларускай мове.
Алег Рудакоў: Я грамадзянін Расіі, жыву ў Іркуцку, але я беларус па паходжанні. Мая маці, мае бацькі — беларусы, і няма розніцы, дзе я нарадзіўся, бо я ўсе роўна павінен ведаць мову і размаўляць па-беларуску, я раблю гэта паўсюль, нават у Іркуцку. Безумоўна, ёсць людзі, якія яе наогул не разумеюць, а мне трэба з імі ўзаемадзейнічаць. З імі я размаўляю па-расейску, таму што жыву ў краіне, дзе дзяржаўная мова адна. Калі я прыязджаю ў Беларусь, дзе іх дзве, я аддаю перавагу мове беларускай, бо лічу сябе беларусам. Шмат чытаю класікі беларускай літаратуры. Мы ведаем, што пакуль існуе мова, існуе і народ. Калі мова знікае — знікае народ, і няважна, на якой тэрыторыі ты нарадзіўся. Ёсць нават такое сцвярджэнне, што чым больш ты ведаеш моў — тым больш ты чалавек, бо кожная з іх цягне за сабой нейкую глыбіню сваёй культуры, традыцыі, свайго светаўспрымання.
KYKY: Але калі ведаеш шмат моў, жывеш у шматлікіх культурах, як не згубіцца і вызначыць сваю?
KYKY: Добра, будзе такая вопратка ў кожнага, але куды вы прапануеце яе апранаць?
Мне ўдалося ўвесці ў Іркуцку моду на беларускую мову і беларускую вопратку. У нас за гонар мець беларускую вышыванку. Мы нікога не просім яе рабіць, усе самастойна.
KYKY: Але адкуль тады такая драма: у Сібіры жывуць людзі, якія адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі, а ў Беларусі ў большасці сваёй такіх амаль што няма?
KYKY: Дык чаму ж беларусы лічаць усё беларускае «не нормальным»?
А. Р.: Я спачатку таксама не разумеў. Чаму беларусы дужа цураюцца сваёй мовы? Традыцыі? Баяцца ўсяго. А потым зразумеў, калі пачаў дасканала вывучаць гісторыю свайго народа. Усе вядомыя войны, якія прайшлі праз Еўропу, прайшлі праз Беларусь. І, безумоўна, лепшыя сыны Беларусі загінулі. І калі для Расіі вайна з Напалеонам была айчыннай вайной, то для нас — грамадзянскай, таму што Радзівілы перайшлі на бок Напалеона, уся шляхта ў Віцебску і спецыяльны полк сустракаў яго ўрачыста. У тым жа Віцебску існаваў полк, які ваяваў на баку расійскай улады. Карацей, шмат войнаў прайшло праз нашу краіну, і лепшых, патрыятычных людзей, безумоўна, знішчыла. А тыя, хто прыстасаваўся, хто ў хаце перасядзеў — выжылі. З аднаго боку ёсць пытанне: «Ды чаго ж ты ў хаце сядзеў?». А з іншага — яны захавалі нацыю, народ.
Кожнае пакаленне нараджае лідараў, пасіянарыяў, як казаў Леў Гумілёў. І гэтыя лідары пачынаюць браць адказнасць за народ, за культуру ды за традыцыю, а кансерватыўныя, параўноўваючы з сабой, лічаць, што тыя вылузваюцца.
У 90-х, калі я прыязджаў, мяне ўвогуле БНФ-аўцам называлі. А я не ведаў амаль, што гэта. Не, нейкія звесткі чуў, але я ж да іх дачынення ніколі не меў, а на мяне адразу вешаюць кляймо, што я такі і такі. Я тады знаходзіў іншым разам выхад: «Ды я хлопец з вескі. А вёсачка ў нас такая глухая». Усе дзівіліся, пыталі, дзе вёска, а я на распеў, як у сапраўдных вёсках, адказваў: «Ды вёсачка далёкая, глухая, там усе такія». І ўсе адразу думалі, што вось перад імі глухая дзеравеншчына, іншыя нават спачувалі.
Аднойчы мне нават адна жанчына пачала тлумачыць, як працуе ліфт. А ў мяне тры вышэйшых адукацыі, адна з іх — інжынер. Я дапамог данесці ёй сумачкі на сёмы паверх і ўвесь час, пакуль нёс, размаўляў па-беларуску. Данёс ёй, таму што ліфт быў заняты, а потым ён ужо пачаў працаваць. І яна пачынае раптам мне тлумачыць: «Вы націсніце на гэтую кнопачку, дзверы адчыняцца, вы толькі не бойцеся, ён вас давязе».
І пакуль я ехаў, спачатку смешна стала, думаў: «Во, блін! Тры вышэйшыя адукацыі маю, а не ведаю, як ліфт працуе!». А потым, канешне, калі выйшаў, ужо трохі сумна: раз на беларускай мове размаўляю, значыць я неадукаваны чалавек? Цяпер я не кажу, што з вёскі, кажу, што з Іркуцка. І зноў у людзей вялікія вочы, пашпарт ім паказваю. І тады ўжо пачынаецца: «Як? Ты што, здурнеў? Адкуль ты там такі?». А я кажу, што ў нас там усе так размаўляюць, хто мае дачыненне да беларускай дыяспары. У нас там беларускія перасяленцы яшчэ са сталыпінскіх часоў! Дарэчы, сапраўды, па архіўных звестках, трыста тысяч беларусаў перасяліліся ў Іркуцскую губерню яшчэ да рэвалюцыі. Дык вось нашы беларусы, якія жывуць у Беларусі, ведаюць слова бульба, але яны лічаць гэта дзеравенскім. Не прыйшло пакуль гэтае нацыянальнае пачуццё. А калі беларус з’ехаў на іншую тэрыторыю, тады ён пачынае разумець, адкуль ён, і адчувае сябе часткай сваёй краіны. Настальгія прабівае беларусаў, калі яны жывуць далёка.
KYKY: Але ўсіх беларусаў за мяжу не звезці, каб прывіць павагу да радзімы.
А. Р.: Гэта так. Але можна і тут гэта рабіць. Дзеля гэтага трэба тым беларусам, якія імі ўжо ў поўнай меры сталі, не саромецца размаўляць на мове, напрыклад. Вось уявіце: ідзе па вуліцы чалавек, які не размаўляе па-беларуску. Пачуў ад прахожага мову: «Вось прыдурак нейкі!». Ідзе-ідзе, зноў дзяўчына па-беларуску размаўляе. «Во дурніца!». Тут нейкая пара ідзе насустрач, і зноў той самы выпадак. Разумееце, трэба стварыць моду. А пакуль што беларусы, якія размаўляюць па-беларуску, закансервавалі самі сябе. Між сабой у сваёй тусоўцы размаўляюць на мове, а выходзяць на вуліцу — і зноў па-расійску. Гэта праблема. А трэба наадварот. Я вось па Мінску арыентуюся кепска і ўвесь час запытваю па-беларуску. А зараз лепш стала: ужо і разумеюць, і адказваюць мне на мове. Памятаю, год назад прыехаў на чыгуначны вакзал. Стаіць крутая машына, там хлопцы нейкую замежную крутую музыку слухаюць, усё наварочана. Мне трэба было аб нечым даведацца, я падыходжу да іх і пытаюся на беларускай мове. І адзін паварочваецца да мяне і на беларускай адказвае, і тлумачыць, і ўсё ўспрымае нармалёва. Кажу, мяняецца сітуацыя! Некаторыя на чыстай беларускай мове не могуць размаўляць. Ну дык і што? Гэта не галоўнае. Іншым разам праскоквае якое-небудзь слова. Тут трэба больш практыкі, прыкладаў, і чытаць услых, каб была і маўленчая практыка. Тут справа ўся ў адным: жадаем мы, каб беларускі народ застаўся ў гісторыі, ці не? Вось я — антыглабаліст. Некаторыя кажуць, што ўсе мы дзеці Зямлі, няма розніцы, на якой мове размаўляць. Можа, калі так да гэтага ставіцца. Але чаму ж усе ў нас тут на рускай размаўляюць?