«У нас працуе прыбіральшчыца. Жанчына вельмі вясёлая. Вось з ёю маю дамоўленасць: за невялікія грошы яна выграбае парэшткі ў вядро». KYKY пайшоў яшчэ далей, чым звычайна, ды сабраў аповеды крэматоршчыкаў пра боязі, дзіцячыя пахаванні і… прыемныя бакі гэтай працы.
Гэты тэкст мы упершыню публікавалі яшчэ ў 2019 годзе, але толькі цяпер пераклалі на беларускую мову. Дзякуем валантэрам, якія дапамаглі гэта зрабіць! А калі вы хочаце больш кантэнту на беларускай, падтрымайце KYKY – падпішыцеся на наш Patreon альбо зрабіце хуткі данат у форме, якая адразу пад матэрыялам. Дзякуй!
У пошуках герояў мы звярнуліся да шасцідзесяці шасці чалавек. Большасць прызналася, што пазначылі ў сацсетках месца працы «крэматорый» таму, што на іхні погляд гэта выдатны жарт. Людзі ігнаравалі мае паведамленні, некаторыя адразуі блякавалі, а некаторыя адпраўлялі да кіраўніцтва. Тлумачылі яны гэтую параду тым, што іх праца дастаткова стыгматызаваная, таму яны папросту страшацца сказаць штосці залішняе, каб нікога не напалохаць. Нягледзячы на перакананне, что ўсялякія прафесіі паважныя, шмат хто з крэматоршчыкаў хавае ад знаёмых ды сяброў месца працы. Але тры гісторыі мы ўсё ж такі знайшлі.
«Да крэматорыя я быў магільшчыкам. Дык скажу вам, гэта нашмат горш»
Змітру 34 гады, у ягоным прафайле шмат фота з жонкай. Ён машыніст рытуальнага абсталявання. І ён упэўнены, што працаўнікі крэматорыя – удзельнікі вельмі таямнічага працэсу, бо яны апошнія, хто бачыць цела чалавека.
Зміцер Разанаў: «Мне не даспадобы распавядаць пра сваю працу, таму што для людзей гэта нейкая забаўка. Для мяне ж гэта поўнасцю сакральны рытуал, бо я той, хто, так бы мовіць, ставіць кропку з фізічным целам чалавека. У крэматорыі працую чатыры гада, да таго быў магільшчыкам. Дык скажу вам, быць магільшчыкам нашмат горш. Сам працэс ад развітання сваякоў да цвікавання труны ды засыпаяння яе жвірам мне заўсёды падаваўся нейкім занадта доўгім – здавалася, што гэтыя дзесяць хвілін цягнуцца вечнасць. Ну і, напэўна, глядзець, як закопваюць твайго роднага чалавека, – такі сабе досвед, мякка кажучы. У крэматорыі гэтага працэсу не бачыш, і мне здаецца, гэта нашмат лягчэй. Я сам даўно сабе вырашыў: толькі крэмацыя, аніякага пахавання. Але досвед магільшчыка быў карысны: я стаў больш цынічны адносна смерці ўвогуле. А ўсё астатнее – не больш як праца.
Працую смены ўначы, у мае абавязкі ўваходзіць дастаўка труны з залы развітанняў, працэс спальвання цела, ачыстка печы ад недагарэўшых костак ды цвікоў, а потым перемалванне іх і змяшчэнне парэшткаў у мех. Я ўвогуле вернік і заўсёды перад спальваннем і апасля хрышчуся, чытаю Ойча Наш.
Асабіста я адчуваю, як душа пакідае свет. Складана апісаць гэта, кожны раз адчуваеш нібы халадок па спіне. Мяркую, что гэта не страх, а папросту халадок. За змену у нас бывае па 20 крэмацый, працы хапае. У маім крэматорыі ёсць і арганізатар пахаванняў, і прадавец атрыбутыкі, і грымёр прыходзіць. Асобна нават ёсць зала, каб знічкі паставіць, ёсць яшчэ бацюшка, якога прапануюць арганізатары сваякам памерлага. Кадравай цякучкі ў нас няма, тут усе затрымліваюцца надоўга. Але вось папярэдняя арганізатарка пахаванняў сышла ў дэкрэт. Шмат хто з кліентаў дзівіліся, што стаіць цяжарная жанчына і мовіць памінальнае слова.
Мне ніколі не даводзілася спальваць непаўнагадовых. Калі магільшчыкам працаваў, то сутыкаўся з пахаваннем дзяцей тры разы. Аднаму дзіцяці было два гады, другому дванаццаць, а трэцяй дзяўчынцы было чатыры. Яна загінула ў аўтамабільнай аварыі. Дарэчы, гэтае пахаванне і сталася мне кропкай адліку. Адразу вырашыў звольніцца – а знаёмы прапанаваў перайсці ў крэматорый, там патрэбны быў чалавек, штат пашыраўся.
Шмат хто пытаецца, чаму я ўвесь час кручуся ў рытуальнай тэме. Перш я пайшоў туды дзеля грошай, але зараз разумею, што пахавальная тэма зацягвае. Я выконваю працу добра, лічу яе высокааплатнай.
Не ўсе мае знаёмыя ведаюць пра месца маёй працы. Здзівіўся, калі мая мама сказала, што няма горш за працу крэматоршчыка. Я ж ужо казаў, што як па мне – праца магільшчыка нашмат горшая. Ты цалкам залежыш ад машыны і перыядычна паглядаеш, ці ўсё добра – зазіраеш ў акенца (печы). Памятаю, калі ўпершыню давялося ў акенца зазірнуць, падавалася, што пабачу палаючыя часткі цела. Насамрэч, нічога падобнага там не бачыш. Механізм адладжаны так, ты бачыш толькі, што працэс ідзе, полымя бушуе. Усё адбываецца вельмі хутка, зазвычай чалавек сярэдняга целаскладу згарае прыкладна за гадзіну. Потым старанна выграбаюцца парэшткі, а недапаленыя косткі пападаюць у крэмулятар. А там ужо атрымліваецца дробны пясок – гэта ўсё, што застаецца ад чалавека. У гэтай справе хапае месяцу, каб прызвычаіцца. Нехта ж павінен выконваць гэтую працу».
«У нас працуе прыбіральшчыца, вельмі вясёлая жанчына. Яна выграбае парэшткі з бляхі ў вядро»
Працоўная інструкція крэмацыі ўражвае. У спіску «павінен ведаць» больш за дваццаць пунктаў – у тым ліку пападак і працягласць крэмацыі і ўладкаванне печаў. Вадзім працуе ў крэматорыі ўжо чатыры гады, але так і не здолеў самастойна выграбаць парэшткі і размаўляць пра дзіцячыя крэмацыі. Ён адразу просіць не распытваць пра дзяцей.
Вадзім Кабанаў: «Я апынуўся ў гэтай прафесіі па знаёмству, у маёй мамы ўласная рытуальная крама. Хаця мая сям’я наўпрост звязаная з сумнай тэмай, мне не занадта падабаецца распавядаць пра сваю прафесію. Да крэматорыя я працаваў разьбяром помнікаў. А адукацыю маю ўвогуле юрыдычную. Пайсці ў гэтую сфэру мяне спакусілі, канешне, заробкі, ну і цішыня. Глядзі за абсталяваннем – ды і ўсё. На крэматоршчыка не трэба спецыяльнай адукацыі, у нас працуюць людзі розных лёсаў і з рознымі адукацыямі. Цякучкі няма, нядаўна толькі адзін мужчына на пенсію сышоў – яму хутка знайшлі замену, узялі маладога хлопца.
Калі мне задаюйць пытанні пра крэмацыю дзяцей, адразу перарываю размову, не магу пра гэта размаўляць. Наогул у мяне з’явілася правіла: год нараджэння не запамінаць і, па магчымасці, не глядзець на гэтую графу. З нашымі печамі ў крэматорыі няма розніцы, каго спальваць: дзіця альбо старога. У некаторых жа печах, калі крэміруюць дзяцей, тэмпература павінна быць іншай, не такой, як дзеля дарослага чалавека.
У нас працуе прыбіральшчыца. Жанчына вельмі вясёлая. Вось з ёю маю дамоўленасць: за невялікія грошы яна выграбае парэшткі з бляхі ў вядро. Сам да гэтага часу ніяк не магу прызвычаіцца бачыць гэтыя недапаленыя косткі, ды і баюся ўбачыць асабістыя рэчы памерлага. Разумею, што пры такой тэмпературы мала што з рэчаў уцалее. Але ўсё адно прысутнічае нейкае жудаснае адчуванне.
Прыбіральшчыца пры дапамозе магніту выбірае з костак цвікі, якія засталіся ад труны. А калі ўжо ўсё гэта перамалваецца ў адмысловай машыне, застаецца пясочак, гэта ўжо не так жудасна.
Я і сам раблю гэта, але калі ёсць магчымасць папрасіць прыбіральшчыцу, аддаю гэта ёй. Паху гарэлага альбо смажанай плоці няма, але бывае адчуваеш пах молатых костак. Ён чымсці падобны да паху, які стаіць, калі стаматолаг сверліць зубы.
Сваёй будучай жонцы я не адразу прызнаўся, кім працую. Трохі саромеюся сваёй прафесіі, ды і не даспадобы звязаныя з ёю тэмы. Хаця ў нас на працоўных месцах ўсё культурна, ніхто не п’е і ўсе маюць псіхічную раўнавагу. Тут жа як прымаюць на працу, псіхіятра праходзіць павінен. А потым ўжо ніхто не патрабуе яго наведваць. Мяне шмат хто распытвае, маўляў, ці ўваходзіць у абавязак даваць справаздачу псіхіятру. Але гэта міты. Казусаў не здаралася, ды і парэшткі ніколі не блыталі.
Я наладзіўся так: гэта не я спальваю людзей, усё робіцць машына. Я толькі кантралюю працэс. Для мяне самае сумнае ў гэтай працы не смерць чалавека, не сама крэмацыя, а парэшткі, якія ніхто не забірае. Смерць – гэта натуральны працэс, які тычыцца кожнага. Крэмацыя – гэта від пахавання. А вось пакінутыя парэшткі – гэта адчуванне непатрэбнасці. Уяўляеце, як гэта: пражыць жыццё, каб цябе нават няма каму было пахаваць! Мая прафесія навучыла мяне спакою, якім бы дзіўным гэта ні падавалася. Бо я бачу, у што нарэшце ператвараецца чалавек, і разумею, што нас усіх чакае такі лёс».
«Мозг уключыў абарончую рэакцыю, доўга ўспрымаў усё так, нібыта мы палім мэблю»
Аляксандр прыйшоў у прафесію, калі яму быў усяго 21 год. Хлопца адлічылі з ВУЗа, а сфэра пахавальных паслуг заўсёды была прыбытковай. Яму папросту захацелася падзарабіць.
Аляксандр: «Жыццё так склалася. Я, падавалася, прыйшоў папрацаваць ненадоўга, а ўрэшце ўжо сем гадоў тут. За гэты час ажаніўся, нават дзіцё нарадзілася. Я не магу назваць гэтую працу цяжкай, усё ўжо аўтаматычна. Калі раблю яе, проста адключаю мозг. Гэта як цягаць балкі на будоўлі, толькі мне трэба крэміраваць. Да нас жа паступаюць ужо нежывыя людзі, якім нічым не дапаможаш. Па мне дык нашмат горшая праца ўрача на хуткай дапамозе. Бо ў іх не ведаеш, чаго чакаць ад кожнага наступнага выкліку. Гэта і аварыі, і хваробы, і няшчасныя выпадкі, і ўсялякія бытавыя штукі. А калі змагаешся за жыцце і атрымліваеш паразу, то тады ўжо сумуеш ды рэфлексуеш. У нашым жа выпадку нічога ўжо не зробіш.
Калі прыйшоў у прафесію, мне было цікаўна, чаму кожны чалавек памёр, асабліва калі маладзён. Зараз ужо і ведаць не хочацца. Зусім маленькіх дзяцей я не крэміраваў ніколі, крэміраваў падлетка шаснаццаці год. Нічога тады не адчуваў. А вось калі сам стаў бацькам, пачаў адносіцца больш эмпатычна – мабыць, дзякуючы сыну атрымаў сэнс у жыцці.
У крэматорыі не такая ўжо вялікая колькасць персаналу: некалькі машыністаў, арганізатар пахаванняў ды прыбіральшчыца. Усе маўклівыя ды з паразуменнем. Насамрэч, мой мозг адразу ўключыў абаронную рэакцыю, ён доўга ўспрымаў усё так, нібыта мы палім нейкую мэблю.
Патроху пачаў прызвычайвацца – і зразумеў, што тут спальваюць людзей і што іх гора ніяк мяне асабіста не датычыцца. Я толькі выпраўляю іх ў апошнюю дарогу.
Самае жудаснае ў маёй прафесіі – з костак выбіраць цвікі і іншыя металічныя рэчы. Туды можа трапіць нават зубны пратэз, так адбываецца са старымі. Вось гэта псіхалягічна складана, становіцца ніякавата. Раней было складана глядзець у акенца і назіраць, як адбываецца крэмацыя, але гэта я ўжо пераадолеў. Праз акно ты не кантактуеш наўпрост, а тут уласнымі рукамі праз магніт у костках корпаешся.
Сыну распавяду пра сваю прафесію, калі ён падрасце.Чаму б і не? Мае родныя і сябры ведаюць, дзе я працую. Магу нават вольна жартаваць на гэтую тэму. Ды і жонку не бянтэжыць месца працы. Але я сам не надзвычай камунікатыўны чалавек, і калі прыйдзецца змяніць працу, нават не ўяўляю, куды падацца – надта прызвычаіўся да цішыні. І дзякуючы працы пачаў яшчэ больш шанаваць сваю сям’ю. Я ж на ўласныя вочы бачу, як хутка абрываецца жыццё і як хутка ад чалавека не застаецца нічога».