«Online shopping» — не дзіўна з улікам роста папулярнасці амазонаў, ебэяў і аліэкспрэсаў». KYKY падгледзеў, якімі артыкуламі ў мінулым годзе цікавіліся карыстальнікі Вікіпедыі з усёй планеты.
Днямі ўсе беларускія СМІ абляцела навіна пра самыя папулярныя артыкулы беларускай Вікіпедыі «класічнага правапісу». Часцей за ўсё на be-x-old-вікі у мінулым годзе чыталі артыкул «мінэт». З яго беларусы маглі даведацца, што значыць само слова, і адкрыць для сябе існаванне разнастайных відаў мінета — напрыклад, ірумацыю і аўтафеляцыю.
На другім месцы (з адставаннем на 76%) — даволі змястоўны артыкул пра прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна; біяграфія расійскага лідара, праўда, абрываецца на другім прэзідэнцкім тэрміне (які скончыўся ў 2008 годзе), затое ў раздзеле «Рознае» аўтары артыкула ўзгадалі вядомы ўкраінскі хіт мінулага сезона (той, што з рэфрэнам «ла-ла-ла-ла, ла-ла-ла-ла»). Замыкае тройку лідараў артыкул «Беларуская мова», адразу за якім ідзе яшчэ адзін моўны артыкул — пра літару «Ў». Цікава, што ў дзясятку лідараў па праглядах трапіў артыкул пра Аркадзя Куляшова — пэўна, гэта звязана са 100-гадовым юбілеем з яго дня нараджэння, які адзначаўся ў 2014-м.
Лідарам наведванняў рускамоўнай вікіпедыі стаў артыкул пра сацсетку «ВКонтакте», крыху адстаў ад яго артыкул пра «Одноклассники». Пачытаць пра сацсеткі любяць і ў іншых краінах: артыкул пра Facebook заняў першае месца ў французскім, арабскім, в’етнамскім раздзелах вікіпедыі, другое — у турэцкім, чацвертае — у іспанскім, шостае — у англамоўным. Любяць пачытаць на вікіпедыі і пра саму вікіпедыю: у немцаў рэкурсійны артыкул заняў трэцяе месца, у вікіпедыі на фарсі — першае.
Трэцяе месца рускамоўнага рэйтынга заняў артыкул «Россия»
Увогуле, чытаць пра краіну на яе роднай мове — агульнасусветны трэнд; так, артыкул «Polska» — найпапулярнейшы ў польскім раздзеле, «Sverige» (саманазва Швецыі) — лідар шведскага раздзела, «Danmark» перамагае ў рэйтынгу артыкулаў па-дацку. Сярод артыкулаў па-украінску таксама перамагае «Україна»; зрэшты, у мінулым годзе пра нашу паўднёвую суседку чыталі на ўсіх еўрапейскіх мовах: на польскай, нямецкай, шведскай, фінскай, венгерскай, чэшскай, харвацкай, літоўскай, грэцкай, балгарскай і эстонскай. У расійскай вікіпедыі артыкул пра Украіну — шосты, паміж Пуціным і «Гульнёй тронаў»; Крым пры гэтым здавальняецца 21 пазіцыяй.
Game of Thrones трапіў не толькі ў рускамоўны топ, а на італьянскім раздзеле артыкул пра серыял нават стаў самым наведвальным за год. Чытаюць карыстальнікі вікі і пра іншыя серыялы: жыхары Кітая, напрыклад, больш за ўсё чыталі пра паўднёвакарэйскае ТБ-шоў Running Man, удзельнікі якога выконваюць квэсты ды займаюцца рознай хернёй у гарадскім асяроддзі. У расійскім топе, акрамя фэнтазі па Марціну, знайшлося месца «Физруку» — артыкул пра серыял займае 9 месца, апярэджваючы сэкс (10 месца), эболу (11) і Бандэру (16).
Ва ўкраінскім топе Сцяпан Бандэра апынуўся вышэй — на шостай пазіцыі. Відавочна, многія ўкраінцы ў мінулым годзе вырашылі даведацца, пад чые сцягі іх «падпісала» расійская прэса. Але самай папулярнай персонай на ўкраінскай вікі стаў Тарас Шаўчэнка (2 месца) — у мінулым годзе споўнілася 200 год з дня яго нараджэння. Ува ўкраінскім топе — шмат сумных артыкулаў. Трэцяе месца — «Війна на сході України», пятае — «Втрати силових структур внаслідок російського вторгнення в Україну (2014)». Артыкул пра новага прэзідэнта, Пятра Парашэнка, заняў чацвёртае месца, а замнуў дзясятку Дзмітрый Яраша.
Агульнапланетарным трэндам 2014 года стаў Чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі
Артыкул пра Мундзіаль увайшоў у топ практычна ўсіх раздзелаў на еўрапейскіх мовах, а больш за ўсё пра чэмпіянат чыталі, канешне ж, па-партугальску. Зрэшты, не футболам адзіным: на другім месцы польскай вікі — артыкул пра Чэмпіянат свету па валейболе сярод мужчын (які праходзіў у Польшчы), на сёмым месцы фінскай і восьмым месцы славацкай — хакейны чэмпіянат у Мінску. У некалькі топаў (напрыклад, славацкі і славенскі) трапіла і Алімпіяда ў Сочы.
Лідарам англамоўнай вікіпедыі стаў артыкул «Online shopping» — не дзіўна з улікам роста папулярнасці амазонаў, ебэяў і аліэкспрэсаў. На пятым месцы апынуўся артыкул пра «Кліматгейт» — скандал з публікацыяй перапіскі супрацоўнікаў аддзялення кліматалогіі універсітэта Усходняй Англіі. Сам скандал разгарэўся ў 2009 годзе; пачытаўшы чужыя лісты, народ пачаў гнабіць кліматолагаў за скажэнне фактаў, падмену рэзультатаў даследаванняў. Атрымалася класічная паранаідальная тэорыя змовы; чытаць артыкул пра злых вучоных толькі ў 2014 годзе прыйшло больш за 20 мільёнаў людзей.
Самы чытаны артыкул неверагоднага японскага раздзела вікіпедыі прысвечаны феадалу 16 стагоддзя Куродзе Ёсітаку. Не пытайце нас, хто гэта такі; факт, што японцаў яго асоба зацікавіла з-за серыяла пра Ёсітаку Gunshi Kanbei. На трэцім месцы — артыкул пра дзіцячую перакладчыцу Ханака Мураоку, і тут таксама вінаваты тэлесерыял — Hanako to Anne. Дзівосныя нарвежцы ў 2014 больш за ўсё цікавіліся сваім таблоідам Dagblaget і яго 93-гадовым фатографам Юханам Брунам; на трэцім месцы ў нарвежскім рэйтынгу — цёзка фатографа, паэт і грамадска-палітычны дзеяч 18 стагоддзя Юхан Нурдаль Брун.
Адкуль такія памкненні — незразумела; пасля такіх цікаўнасцяў нарвежцаў ды японцаў за беларускі «мінэт» становіцца нават крыху няёмка.