6 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску (вуліца К.Маркса, 12) адкрыецца выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг.» Усе экспанаты для яе цягам шасці апошніх гадоў сабраў гісторык Ігар Мельнікаў — між іншага, адзін з аўтараў KYKY.
Як беларус Іван Балановіч быў жаўнерам ў Італіі часоў Другой Сусветнай
Пасля таго, як у 1939 годзе Нямеччына напала на Польшчу, у Войску Польскім апынулася каля 70 тысяч Беларусаў — пераважна, жыхары заходняй часткі краіны. Пад польскім сцягам яны змагаліся з фашызмам у розных краінах, удзельнічалі ў баявых дзеяннях на розных франтах Другой Сусветнай. Пасля вайны частка жаўнераў вярнулася з Еўропы на радзіму, дзе іх чакалі праверкі, рэпрэсіі і забыццё. Сёння нават сваякі гэтых людзей часцяком вельмі цьмяна ўяўляюць, дзе і як змагаліся з гітлераўцамі іх дзяды.
На выставе прадстаўленыя здымкі беларускіх жаўнераў Войска Польскага, іх дакументы, асабістыя рэчы і узнагароды. Асаблівая ўвага будзе нададзена гісторыі жаўнераў 2-га польскага корпуса, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Італіі і крывавай бітве пад Монтэ-Касіна. Выстава ўпершыню ў гісторыі Беларусі распавядае пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях супраць нацыстаў па-за шэрагамі Чырвонай арміі.