«Мой любімы сусед – сусед-сцыкун». Урывак з кнiгi «Часам панкі паміраюць»

Культ • Сяргей Календа

Кніга Сяргея Календы «Часам панкі паміраюць» як мазаіка: у ёй дзесяць ключоў, усе пранумараваны і маюць сваю назву: Alive, Бар, Вёска, Горад, Запалкі, Машына, Панкі, Раён, Раман, Сустрэчы. Яе трэба чытаць цалкам, каб злавіць ўсе сюжэтныя лініі. Альбо абраць для сябе нумар часткі і сачыць толькі за ёй, склаўшы такім чынам для сябе стройнае апавяданьне. Гэта пакручасты аповед, эксперымент з формаю, спроба аб’яднаць літаратуру і штодзённасць, мастацтва і рэальнасць. Бязлітасны трыб’ют панкаўскаму юнацтву: каханне, алкаголь, агіда, сентыментальнасць. KYKY сабраў адну з ліній пад назваю «Раён» і публікуе амаль цалкам. Набыць кнiгу можна тут.

Людзі пераяжджаюць, перамяшчаюцца зь вёсак у гарады, спальныя раёны множацца, шматпавярховыя панэлькі дублююцца, размываецца сэнс жыцьця, усе драбняцца на маленькія сямейкі, гетэрасэксуальныя і гомапары, альбо абіраюць самоту і кампутарныя гульні, зьяўляюцца даўншыфтэры і гіпстэры, вэйпэры і хайпэры, нацболы і літрболы, раёны ператвараюцца ў клоны, хтосьці з блогераў вам скажа, што гэта ня так, бо кожны новы раён стварае своеасаблівы ўнёсак, адбітак праз жыхароў і новае пакаленьне, але рэальнасьць паказвае зусім іншы бок манэты.

Акрамя гаджэтаў і новай моды, у кожным раёне застаецца той асаблівы подых, які лунае, як Дух Божы пасьля стварэньня сьвету, іманэнтны прывід, створаны праз адмысловы рознакаляровы кантынгент насельніцтва, які часта бывае шаблённым, нават – архетыповым. Дух гэты складзены з густых пахаў згатаванага абеду і вячэры, з квашанай капусты і смажанай бульбы, з пахаў тытуню, траўкі і ацэтону, які выпарваецца падчас варэньня маку. Усё ёсьць, і было, і будзе, пакуль сьвеціць сонца.

Ад усіх гэтых гарадзкіх ваколіцаў і побыту немагчыма пазбавіцца, немагчыма перабудаваць раён, перастравіць яго, пакуль не адсячэш галавы ад гэтай гідры, якая завецца кожны раз па-рознаму, але заўсёды застаецца тым самым местачковым прывідам, якому пакланяюцца, – Сьвяты воблік мінулых шчасьлівых савецкіх гадоў і яго памагаты збраяносец, п’яны супрацоўнік ЖЭСу.

Фото: Каролина Дутка

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць – панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.

Гэта як быць Гі дэ Мапасанам і праз сваю нянавісьць да Эйфэлевай вежы есьці ў яе рэстарацыі, бо гэта адзінае месца, дзе вежы не відаць, гэтак і ў маім выпадку – я жыву сярод сваіх настолькі блізка і шчыльна, што мне іх не відаць, я проста застаюся сярод сваіх пэрсанажаў для новай кнігі, мяне пачынаюць цікавіць жыхары, што побач, адно дзеля наданьня новай рысы свайму герою.

Я не эгацэнтрык і не мізантроп, магу ненавідзець, але так, па-добраму. Я ніколі нікому не зычыў сьмерці, але… Можа быць, аднойчы, калі думаў, пра тое, як было б файна назіраць, як мазгі гэтага гопніка-суседа бягуць кроплямі, апярэджваючы адна адну, як адвальваюцца невялікімі кавалачкамі ад засранай, аблупленай і сьпісанай вільготнымі жаданьнямі кісла-зялёнай сьцяны, рэшткі чэрапа.

Я неяк сядзеў дома, на краі ложка, а трэцяй ночы, і ўяўляў, як міліцыя, якую я выклікаў на гук шансону ў суседняй кватэры, падчас супрацьстаяньня і пагрозаў акуратна, высокапрафэсійна, выносіць мазгі гэтаму курдупелю. Страляе знэрваваны малады сяржант роўна і проста вышэй левай вачніцы, і галава расколваецца, і фантаны крыві, і вока левае, такое зьдзіўленае, спаўзае на шчаку.

Літаральна як у фільмах Квэнтына Тарантына, як я люблю, каб зь перабольшаньнем, з надрывам і няёмкім адценьнем скрыўленьня.

***

Калі сусед п’е ў выходныя зь сябрамі, то нікому няма паратунку. Даводзіцца таксама пачынаць піць і рабіць усю тэхніку дома гучней: няхай пралка гучна двойчы пракруціць бялізну, няхай па тэлевізары канал з «Разбуральнікамі легендаў» выбухае на ўсе лады піратэхнікі, а з майго ноўта няхай дзярэ глытку Бацька Тараканаў, хутка нас чакае раённая вайна ў агульным калідоры.

Я з суседам усё-ткі знайшоў нейкае паразуменьне, бо калі тэлефаную яму, часам атрымліваецца зрабіць крыху цішэй музыку, і калёнкі паставіць на падлогу, папярэдне кінуўшы адзеньне, каб заглушыць басы сабвуфэра. Ён згаджаецца, і я яму і за гэта ўдзячны, бо ён толькі і чакае, каб прабіць каму чэрап.

Фото: Антон Поляков

Сябры ў суседа такія самыя: бывае, уначы яны адно з адным распачынаюць разборкі, і ўжо раніцай на вуліцы можна бачыць плямы крыві на асфальце, ваніты, бітыя бутэлькі. Міліцыю выклікалі шмат разоў, але пакуль яны едуць, гэтыя бастарды пасьпяваюць замкнуцца і выключыць музыку або разысьціся.

Дзесяць дзён таму ў суботу, увечары, недзе а дзясятай, да яго пагрукалася жанчына зьверху, і проста стала на калені ды пачала плакаць:

– Прашу цябе, над табою памірае мой бацька, ён зусім стары і нямоглы, гэтая музыка яго пужае, мы яму колем абязбольныя, але ён прачынаецца кожныя пяць хвілінаў і пакутуе.

Мой сусед-гопнік толькі сказаў, што да адзінаццатай яшчэ паўгадзіны, і ён мае права слухаць музыку, і за ягонай сьпінай трое брытагаловых у падкасаных джынсах заківалі ды загаманілі, каб падтрымаць свайго.

– Па-чалавечы цябе прашу, – прамовіла суседка.

***

Я жыву ў новым двары, дамам ня больш за сем гадоў, парковачных месцаў шмат, і, калі не шукаць месца пад сваім акном, а крыху ад’ехаць, – вольных месцаў яшчэ больш. Летась адзін жыхар пачаў паркаваць новы мэрсэдэс А-клясы пад балконам, як мага бліжэй да сваёй кватэры. З уладальнікам машыны спачатку культурна змагаліся, пакідалі на лабавым шкле папярэджаньні, каб паркаваўся паводле правілаў, але гэта не дапамагала. Пару разоў выклікалі ДАІ, машыну забіралі.

Дамагліся ад мясцовых уладаў паставіць дарожныя знакі, але мэрсэдэс паркаваўся, як хацеў і, галоўнае, як мага бліжэй да пад’езда, балкона, кватэры. Потым аднойчы, калі машыны не было, месца пад балконам засеялі травою і пасадзілі елкі. Сусед прыехаў увечары, вырваў елкі ды паставіў на іх месца машыну. Ня ведаю, можа, ён лічыў, што мае асаблівы прывілей, бо набыў сабе мэрсэдэс, але ў некага сапраўды здалі нэрвы, бо ноччу, а трэцяй гадзіне, камэры ў двары зафіксавалі, як мужчына ў чорнай байцы, падышоўшы да аўтамабіля (які тым разам стаяў чамусьці не на «сваім» месцы, а крыху далей, на газоне), дастаў бутэльку з бэнзінам, падпаліў тканіну, якая тырчэла з рыльца, і кінуў пад машыну.

Згарэў ня толькі мэрсэдэс, але яшчэ чатыры машыны, апошняя ўспыхнула, калі працавалі пажарныя, яны проста не пасьпелі згасіць полымя.

****

Сусед сказаў, што можна міліцыю выклікаць, ён мае права да дзесяці хоць з прастытуткамі ябацца, і яны будуць віскатаць як рэзаныя, і замкнуў дзьверы. Тады я счакаў, калі суседка сыдзе, выйшаў у тамбур і пагрукаўся ў дзьверы. Мы спакойна пагутарылі, ён крыху працьверазеў, хоць спачатку я адчуў ад яго нейкі сьмяротны подых.

Я яму распавёў пра сваю маці, калі яна таксама была ляжала ў ложку, і што калі гучыць нейкае музычнае лайно гэтак, што ажно шкло ў вокнах дрыжыць, гэта зусім кепска для пачуваньня ня толькі хворага, але і ягоных блізкіх, і што ён, вядома, цяпер малады і моцны, але ўсё мінае, і мы ня вечныя.

Шмат чаго яму нагаварыў, і пра космас, і сэнс існаваньня, і пакуль яму распавядаў, думаў, што альбо ён мяне ня слухае і застаецца далёка, моўчкі невядома чаму трываючы мяне і маю лекцыю, альбо я сваёй казаньню натхніў яшчэ адну згубленую душу і накіраваў да сьвятла.

Фото: Антон Волк

Сусед зрабіў музыку цішэй, ня выключыў. Музыку было ўсё адно чуваць, але ня так гучна. Магчыма, чалавек ён для сваіх і не зусім лайно, але кожны з нас можа на хвіліну апынуцца на месцы Хрыста, і цяпер Хрыстом ёсьць той самы стары, які паверхам вышэй памірае над оргіяй і скрухай, злом і нянавісьцю, каб выратаваць гэтага гопніка. Раённае, побытавае ахвярапрынашэньне, што будзе асэнсаванае пазьней, калі надыдзе час.

***

Мінуў тыдзень. Нам з суседам пазванілі ў дзьверы, гэта была доктарка, якая папрасіла дапамагчы вынесьці цела мужчыны ў машыну хуткай дапамогі, але пра кватэру і паверх не сказала, і мы з суседам накіраваліся за ёю і апынуліся ў той самай кватэры суседкі, якая гэтак прасіла цішыні, зь яе зусім старым і хворым бацькам. У пакоі было страшэнна цяжка глядзець на хворага… Суседка плакала.

Мы дапамаглі пакласьці цела на мяккія насілкі. Старога накрылі пледам, у ягоных выцьвілых блакітных вачах чыталіся толькі жах і неразуменьне. Сусед узяўся за пераноску каля галавы, а я трымаў ногі, і гэтак мы спускалі дзеда па сходах.

Я паглядаў на суседа, стараўся зразумець ягоныя пачуцьці. Ён быў чырвоны, глядзеў долу. Я адчуваў, як яму было ня проста несьці цела мужчыны, скроні ягоныя пульсавалі, было відавочна, што гэта пульсуюць думкі. Ці гэта былі думкі адчаю і няёмкасьці за свой грэбаны дваровы гангста-рэп, накручаны да максымуму і пад сабвуфэрнымі басамі? Альбо ён думаў пра тое, што не пасьпеў дапаліць цыгарэту, калі яго адцягнулі ад справы званком у дзьверы? Невядома.

***

Характар раёну – гэта людзі, а ўсе людзі суседзі.

Табачны сусед звычайна пакідае пах таннага тытуню яшчэ ў тамбуры. Ён запальвае цыгарэту, калі замыкае кватэру і дабіраецца да ліфта. Спускаецца на першы паверх і пасьпявае затушыць недапалак ці аб кнопкі, ці аб дзьверы ліфта, і кінуць на падлогу. І кропка тут – плявок на вуліцу, калі дзьверы зачыняюцца.

Ёсьць яшчэ такія суседзі, якія сьмярдзяць сьмецьцевымі пакетамі, едуць у ліфце, наелі сьмярдзючага, назьбіралі дома рознага лайна, запакавалі і едуць зь ім. І вядома, такіх суседзяў можна прабачыць, але толькі пасьля таго, як гэты сьмецьцевы пакет будзе завязаны і выкінуты ў кантэйнэр для біяадкідаў.

Мой любімы сусед – сусед-сцыкун – такі небарака, да кватэры не даносіць, сцыць у ліфце, зрэдзьчас на лесьвічнай пляцоўцы, і ў тых жа месцах дазваляе сабе і цалкам разьняволіцца – насраць. Малымі пацанамі мы падлавілі аднаго такога. Была цемра, мы на дзявятым паверсе ў сябра на лесьвічнай пляцоўцы на старой канапе сядзелі. Пілі піва. Як раптам драўляныя рыпучыя дзьверы ліфта адчыніліся, і мужык пабег на лесьвічны пралёт сраць, і нават не заўважыў агеньчыкаў ад нашых цыгарэтаў, калі выбягаў.

Фото: Антон Волк

Спусьціў нагавіцы, майткі, прысеў каля сьмецьцеправоду… як нечакана мы ўсёй гурбай як заравем. Мужык зь перапуду на сраку шлёпнуўся, не ўтрымаўся на кукішках, акурат у свае выпаражненьні, потым, як мог, нацягнуў нагавіцы і ўніз па лесьвіцы, толькі і чулі ад яго праклёны і трохпавярховую лаянку.

Сусед-бомж. Гэты бядак адвечна з кімсьці з суседзяў сядзіць каля ліфта, ці на лесьвіцы, у тэпцях, трэніках і майцы-алькагалічцы, адвечна ў яго справы: пагутарыць, выкурыць пачак, выпіць колькі пляшак. І гэты бомж можа так усе выходныя цягацца па паверхах, вызвоньваць аднадумцаў або спрабаваць прыляпіцца да кампаніі падлеткаў.

У суседа-бамжа няма прытулку, але ёсьць колькі манэтак на хлеб і гарэлку, таму ён даволі карысны шматлікім іншым суседзкім рыбкам у іхных акварыюмных кватэрках.

І сусед-спам, гэта той самы мудзіла, які, адамкнуўшы сваю паштовую скрыню, выкідае ўсе рэклямныя буклеты і флаеры, купоны і бясплатныя газэты проста на падлогу. Такі сусед нават ня ведае, што яго ўжо даўно праклялі ў прафсаюзах дворнікаў і рэклямнікаў. А бабка Лера з чацьвёртага пад’езду навяла сурокі, каб усё жыцьцё ежа яму смакавала як той шчыльны рэклямны аркушык з друкарні, і каб усё тое, што ён шпурнуў на падлогу каля паштовай скрыні, адкаснулася ад яго: мэбля, новыя вокны, і сушы-вёслы, і дзьверы на замову, і новы інтэрнэт, і зьніжкі на тавары ў «Эўраопце».

***

У маім доме жыве жанчына, якая штораніцу выдзірае ў двары траву з расколінаў асфальту, а таксама на ўзбочынах і паміж фігурнай пліткай. Яна кожны дзень выходзіць зь вядром, нажом і маленькай матыкай, і пачынае ірваць і выдзіраць дзьмухаўцы, краскі, траву, усё, што адчайна прарастае і цягнецца да неба, і кідае ў вядро.

Часам я назіраю, як яна прымушае сваю дачку-падлетка дапамагаць – ісьці, а дакладней, паўзьці за ёю і праполваць тое, што яна прапускае. Гэтая жанчына – раённы Сызыф.

****

Мой сусед – кампазытар. Ён мажны, вялікі і азызлы сівы мужчына, клясычны кампазытар. Валасы дырыжорскай даўжыні, якіх не зьбярэш у хвост і не падстрыжэш карацей, і яны такія ад ветру кудлацяцца і ў вочы трапляюць. Кампазытар гэты п’е нечувана шмат, і ня так, як Батоныч альбо сусед у трэніках, які ходзіць да ўсіх у госьці.

Кампазытар п’е, нібыта апошні раз у жыцьці, і калі напіваецца, то ісьці ўжо ня можа, кійка ў правай руцэ ўжо не трымае. Сам ён добра, калі побач з домам на лаўцы застанецца, але ж бывае, ён і далёка дзе нап’ецца, дык можна яго за два прыпынкі ад дому пабачыць – на газоне, каля дрэва або пры краме, калі яго яшчэ не пасьпеюць занесьці некуды ахоўнікі ці забраць міліцыя, ляжыць ён, абасцаны.

Ня скажаш, што ён стары, – пяцьдзясят. Калі б ня піў, выглядаў бы цудоўна. Неяк ён дазнаўся, што я мастак, ну быццам музыка там ці паэта, пачаў вітацца і запрашаць выпіць, я адмаўляўся дзясяткі разоў – цяпер ён і не вітаецца нават.

Учора назіраў, як ён выходзіў з пад’езду ў краму разам з жонкай. Ідуць абодва, яна сумная і глядзіць кудысьці ўбок, апранутая акуратна і бедна, у руцэ трымае скамечаны плястыкавы пакет, а ён, перавальваючыся, абапіраючыся на кіёк, вачыма ўніз, ідзе, і нібыта ўвесь сьвет супраць яго. І я думаю, варта было б зь ім аднойчы і напіцца, можа быць, ён бы мне распавёў пра сваё жыцьцё, і пра тое, як музыка давяла яго да невымоўных пакутаў і алькагалізму.

***

Нашыя двары, асабліва двары спальных раёнаў, нічым такім незвычайным, адметным не вылучаюцца зь іншых, і наўрад ці калі-небудзь зробяцца гістарычным здабыткам або архітэктурным адкрыцьцём… Нашыя двары застануцца ў гісторыі як банальны факт жыцьця людзей ва ўмовах акварыюмных рыбак, мурашоў у сваіх норках. Двары – як помнікі, двары як надмагільлі, як непазьбежны факт прымусовага жыцьця менавіта тут і цяпер.

Вядома, шмат хто імкнецца набываць сялібы, лецішчы і нават зруйнаваныя замкі, але адначасова ўдвая больш зь вёсак пераяжджае ў сталіцу, такая несупынная плынь людзей, і калі ў нас няма культуры аднапавярховага Менску, экадамоў і такіх жа раёнаў, сапраўды даступных сярэдняй клясе беларусаў, у нас застануцца гэтыя рэкі людзей, унутраных эмігрантаў, і рэкі гэтыя будуць цячы адна насустрач іншай, і ня будзе гармоніі, а толькі супрацьстаяньне спальных раёнаў і раскіданых вёсак.

Калі я толькі пераехаў у новую кватэру, было адзінае жаданьне – нейкім чынам палепшыць краявід з акна, уладкаваць гэтую пустэльню, дзе была месцамі чэзлая трава, неахайна запаркаваныя машыны і жудасная пясочніца для гульняў клоўна Пэніўайза.

Суседзі, зь пераменным посьпехам, утыркалі кусты і дрэўцы побач са сваімі вокнамі, але ўсё выглядала сумнеўным і марным, бо калі газонакасільшчык не састрыгаў усяго пад корань, то іх ламаў вецер або, што яшчэ часьцей, – дзеці гойсалі па двары і на расьліны падалі, а дзе і абрывалі кусты, майстравалі зь іх пісталеты, рагаткі ды магічныя палачкі.

Фото: Антон Поляков

Усё, напэўна, так бы і засталося – сумным дваром і такімі ж ваколіцамі, калі б ня нейкі незнаёмец, суседінкогніта, энігма, што пасадзіў за адзін вечар адразу некалькі дзясяткаў дрэваў: рабіны, алешына, ліпа, бярозы і нават туі!

Ранкам я гуляў з сабакам і проста не пазнаваў навакольля. І ўсе гэтыя дрэвы і кусты былі падвязаныя і агароджаныя, а некаторыя тонкія дрэўцы дадаткова былі абароненыя разрэзанымі плястыкавымі бутэлькамі, якія ахіналі камель ад зямлі і не давалі касілцы рэзаць.

***

Паступова ўсе суседзі пачалі далучацца да азеляненьня. Я прывёз куст бэзу, суседзі зь левага пад’езду замовілі сабе пад два акны і вялізны гаўбец – ляндшафтнага дызайнэра, і за тыдзень стварылі сады Сэміраміды.

А суседзі праз пад’езд – уласнаруч усё навокал засеялі газоннай травою і засадзілі туліпанамі. Я, у сваю чаргу, засудзіў таго самага гандона, які скінуў сабаку зь пятага паверху. Напісаў у міліцыю, далучыў суседзяў. Высьветлілася, што ягоныя суседзі на пятым паверсе штоноч чулі, як сабака скуголіць і яго б’юць, але баяліся штосьці рабіць, ён жа алькаголік, і да яго ходзяць мясцовыя бічы.

Грэбаны мэнталітэт, грэбаная мая хата з краю, і грэбаны выраз «А што суседзі скажуць». Шчанюка расьпіналі ў кватэры, і ўсе гэта ведалі, але кожны думаў, што не яму вырашаць гэтыя справы.

Урэшце сабаку я схаваў на час сьледзтва, сабе набыў газавы балёнчык і паклаў біту ў машыну. За час сьледзтва я скарыстаўся тры разы балёнчыкам супраць бічоў: «Аддай сабаку, підар!», і адзін раз адбіваўся бітай, але ўжо ад неадэкватнага кіроўцы, якога падрэзаў на машыне, але тое іншая гісторыя.

Алькаголіку зь пятага паверху далі два гады турмы, дый тое таму, бо адна мамка даказала, што падчас здарэньня, калі сабака енчыў скалечаны пад вокнамі, яна была на дзіцячай пляцоўцы зь дзіцёнкам, які мог бачыць гвалт з жывёліны.

Кнiгу Сяргея Календы «Часам панкi памiраюць» можна набыть тут.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

30 фильмов, которые надо смотреть, чтобы разгрузить мозг

Культ • редакция KYKY

Новый год уже прошел, но работать пока не очень хочется. А раз новые крутые сериалы появятся еще не очень скоро, KYKY составил подборку легких, красивых и трогательных фильмов, которые уже есть в сети. Это не бессмысленные фильмы и не тупые американские комедии, а набор хорошего кино без десяти уровней обобщения и иносказаний.