Андрэй Залатар: Задумка праекта ўзнікла ў Алега Хаменкі ўжо шмат год таму. Восем год ён збіраў гэтыя казкі, а потым запісаў іх, прафесійна агучыў і аздобіў музычна. Некалькі год таму казкі выдаваліся на кампакт-дысках. Пазней у Алега быў яшчэ адзін праект – «Салдат-доктар», музычная казка, амаль што мюзікл, які таксама выходзіў на CD. Усяго казак у праекце даволі шмат, і не ўсе яны для дзетак: там шмат этнаграфічнага, дарослага матэрыялу на сур'ёзныя тэмы. Казкі для дзетак былі выдадзеныя асобнай кніжкай пры дапамозе UNICEF, тая кніга выйшла невялікім накладам – усяго 3.500.
Нейкі час мы працавалі над іншым праектам – «Беларускай азбукай» для iPad. Гэта было прыкладанне для дзетак: вершы Кастуся Севярынца – па адным на кожную літару, анімацыя, прафесійная агучка двума галасамі – жаночым і мужчынскім. Музычнае аздабленне для «Азбукі» рабіў Алег Хаменка – так мы і пазнаёміліся. Менавіта тады Алег паказаў нам свае казкі, і мы вырашылі: будзе час – зробім прыкладанне пад iOS.
Чаму патрэбны краўдфандынг
KYKY: Чаму вы вырашылі звярнуцца да краўдфандынга?
А.З.: Мы працавалі над рознымі грамадскімі праектамі, не толькі дзіцячымі. Калі я кажу «мы», то маю на ўвазе каманду Kinderfox. Уся каманда – тры чалавекі: я, генератар ідэй і прадзюсар, Сяргей Кажэнаў, які адказвае за тэхнічную рэалізацыю праектаў, і мастак і ілюстратар Саша Моніч. Саша, дарэчы, нарадзіўся ў Расіі, але ўжо доўгі час жыве ў Беларусі, і ён большы патрыёт краіны, чым шмат хто з беларусаў.
У нас ужо быў вопыт краўдфандынгу на расійскай пляцоўцы Boomstarter: мы збіралі грошы на праект «Волшебник изумрудного города» – аўдыёказку для iPad і iPhone. Праект быў некамерцыйны, але грошы былі патрэбныя, каб заплаціць праваўладальнікам за скарыстанне матэрыялаў. Мы паспяхова сабралі сродкі, і ў гэтым годзе, калі запускалася першая беларуская краўдфандынгавая пляцоўка Ulej.by, да мяне звярнуліся яе стваральнікі, папрасілі падзяліцца вопытам. Тады мы і ўзнялі зноўку пытанне аб праекце «Беларускія казкі». Вырашылі, што і пляцоўку пратэстуем, і паскорым станаўленне праекта.
Праект ужо падтрымалі больш за 30 чалавек. Але пляцоўка новая, інфармацыі пра яе мала, плюс там ёсць пэўныя абмежаванні. Усё крыху замарудзілася, і мы не ведаем, што будзе з праектам далей. Факт, што мы яго зробім і сваімі сіламі. Але калі збяром сродкі краўдфандынгам – зробім зараз, у гэтым годзе, а не збяром – дык зробім пазней. У нас ёсць усе патрэбныя матэрыялы: і агучаныя казкі, і выдатныя ілюстрацыі беларускай мастачкі Юліі Рудзіцкай. Юлія рабіла іх да кніжнага выдання «Казак», і мы дамовіліся з UNICEF скарыстаць ілюстрацыі і ў нашым праекце.
KYKY: Верыце, што краўдфандынг будзе працаваць у Беларусі з яе цяперашнімі заробкамі?
А.З.: Пытанне тут увогуле не ў заробках. Краўдфандынг цікавы тым, што з аднаго боку ён дапамагае вырашыць фінансавыя пытанні, сабраць грошы, а з другога – паказвае, наколькі твая ідэя патрэбная людзям. Галоўнае, што вакол праекта збіраецца суполка людзей, якім гэта цікава, і па выніку можна развіваць праект менавіта ў той бок, які патрэбны гэтым неабыякавым людзям. Ніхто ж не кажа людзям: «Ты павінен нам даць мільён!» Ты можаш ахвяраваць нам тысячу ці дзесяць. Ты сам вырашаеш, чым нам дапамагчы – можа, і не грашыма ўвогуле, а сваёй ідэяй ці сваёй працай.
Праект Ulej ужо стаў для нас карысным. Па-першае, да нас звярнуліся праграмісты пад Android – у нашай камандзе такіх спецыялістаў няма, а людзі звонку гатовыя дапамагчы нам. А адна выдатная жанчына, якая зрабіла на Ulej найбольшае ахвяраванне, яшчэ і прапанавала зрабіць нам англамоўную версію прылады. У яе ёсць адпаведная адукацыя, і зараз мы абмяркоўваем, што і як колькасці перакласці на англійскую. Будзем шукаць людзей, якія могуць без акцэнту агучыць казкі па-англійску.
На нашай прасторы ў людзей пакуль няма разумення, што ўсё добрае каштуе грошай. Нейкі час таму некалькі грамадскіх аб'яднанняў рабілі у фэйсбуку добрую кампанію – «Людзям патрэбныя не лайкі».
Лайкі не захоўваюць жыццё, імі не наясіся. Калі ты лічыш, што нешта трэба змяніць да лепшага, то патрэбныя рэальныя дзеянні. На тым жа Ulej ёсць выдатны праект: людзі збіраюць лялечны домік для дзіцячага дома. Аўтары хочуць не проста купіць гатовы домік для Барбі, а зрабіць домік разам з дзецьмі, каб гэта была не проста гульня, але і адукацыйны момант, каб у дзяцей узнікла адчуванне, што такое дом, як там усё робіцца. І праект мае падтрымку, і не толькі грашовую. Хтосьці кажа: «Я прыеду, дапамагу, пазаймаюся з дзецьмі». Вось гэта і ёсць галоўнае ў краўдфандынгу. У нашай краіне шмат добрых людзей, але яны не маюць механізмаў, каб аб'яднацца. Таму такія пляцоўкі маюць месца быць, і вельмі добра, што яны з'яўляюцца. Калі будуць добрыя праекты, якія і атрымаюць фінансаванне праз краўдфандынг, і зробяць абяцанае, то ў людзей будзе фарміравацца разуменне: так, усё магчыма, можна ахвяраваць грошы, а можна і самім аб'яднацца і нешта стварыць.
Шкада толькі, што ёсць абмежаванні, пра якія я ўжо ўзгадваў: праекты на пляцоўцы Ulej могуць падтрымліваць толькі рэзідэнты Беларусі. Калі мы выдалі «Азбуку», то статыстыка паказала, што цікавіліся ёй больш нават не ў Беларусі, ды і зараз ёй у першую чаргу цікавяцца беларусы за мяжой: у Сінгапуры, у Кітаі, у Эміратах. Пэўна, беларускія бацькі, якія там жывуць, хочуць паказаць дзецям: вось наша краіна, наша спадчына, наша мова. Ім гэта патрэбна! Але гэтае абмежаванне зразумелае: у нашай краіне ёсць канкрэтны дзяржаўны рэгулятар працэсаў краўдфандынгу. Ulej – дастаткова празрысты праект з пункту погляду фінансаў, і для падатковай інспекцыі, і ўвогуле для дзяржавы.
Каму патрэбныя беларускія казкі
KYKY: «Беларускімі казкамі» не цікавіліся ўстановы адукацыі?
А.З.: Не. Хаця што датычыцца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі, у нас ёсць выдатны вопыт. Першы наш праект быў звязаны з выдатнай кнігай «Спадчына Беларусі». Яе аўтары – мае добрыя сябры, выдатныя беларусы Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. Яны працуюць на тэлебачанні, але ў свой вольны час кожны год адпраўляюцца ў этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі і фіксуюць на фота лепшае, што засталося ад нашай спадчыны – будынкі, гістарычныя помнікі. «Спадчына Беларусі» перажыла ўжо сем перавыданняў, у Беларусі яна стала бестселерам. Мы рабілі праект «Belarusland» – версію гэтай кнігі для iPad. Гэта быў дабрачынны праект, зроблены на мае грошы. Аўтары кнігі выдалі нам матэрыял, а мы распрацавалі прыладу.
Дык вось, калі мы працавалі над гэтым праектам, я звярнуўся ў Камітэт па турызме. У іх таксама быў цікавы праект: яны рабілі кругавыя панарамы гістарычных мясцін Беларусі. Па выніку Камітэт па турызме перадаў нам гэтыя панарамы абсалютна бясплатна, і яны таксама з'явіліся ў прыладзе. Больш таго, калі мы выпусцілі гэты праект, была зацікаўленасць да яго з боку Міністэрства замежных спраў. Мы сустракаліся, і на дзяржаўным партале Belarus.by, які распрацоўвае і падтрымлівае МЗС, мы зрабілі раздзел з матэрыяламі з праекта. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва.
KYKY: Ці прыносяць вашы праекты заробак?
А.З.: Не, гэтыя праекты грошай не прыносяць увогуле, нават наадварот. Усе праекты, што я пералічыў – «Belarusland», «Беларуская азбука», «Волшебник изумрудного города» – некамерцыйныя. У нас былі і іншыя праекты – напрыклад, «Простая наука», сумесны праект з выдатнай камандай з Расіі. Яны робяць прафесійныя здымкі навуковых вопытаў, якія можна паўтарыць дома, тлумачаць дзецям, як працуе Сусвет, як праходзяць фізічныя і хімічныя працэсы. Здымкі выходзяць у выглядзе кніг, і адну з такіх кніг мы перанеслі ў фармат iPhone/iPad. У прыладзе ёсць бясплатная частка, а ёсць дадатковая, якую можна купіць за даляр. Гэта прыносіць нейкія грошы – $20-30 у месяц. Але ж распрацоўка каштуе тысячы! Таму гэтыя грошы – толькі невялічкая падтрымка аўтару матэрыялаў.
Наконт «Казак» мы дамовіліся так: казкі для дзетак будуць бясплатнымі, а некалькі раздзелаў – «Казкі для дарослых», «Салдат-доктар» – можна будзе замовіць за даляр. Усе грошы пойдуць аўтару, Алегу Хаменка. Канешне, мы не чакаем, што ў нас будуць мільённыя спампаванні, мы нават і на тысячы не разлічваем.
Казкі – гэта ж не стралялка, не Angry Birds і не «Танкі». Але хтосьці павінен рабіць і гэта.
Калі мы стваралі «Belarusland», у мяне быў запыт да самога сябе. Прыязджаюць да мяне сябры з-за мяжы, ці сам я ў паездцы за мяжой, і ў мяне пытаюць: «Што такое ваша Беларусь?» А я магу адкрыць прыладу і паказаць: вось, такая прыгожая, цікавая, еўрапейская краіна з багатай спадчынай. Дзеля гэтага мы ўсё і робім – не дзеля грошай, а дзеля таго, каб паказаць людзям нашу спадчыну. Канешне, гэта пафасна гучыць: «Калі не мы, дык хто?» Але калі я магу – я зраблю.
KYKY: Атрымліваецца, што выданне беларускіх казак – таксама не толькі для беларусаў?
А.З.: Так, і таму мы былі вельмі рады прапанове па перакладзе на англійскую мову. Канешне, усю сотню казак мы не перакладзем – гэта вельмі вялікая праца. Але ўявіце толькі: беларускія казкі на англійскай мове! Гэта ж куды лепш, чым нейкая выстава «достижений народного хозяйства». Зараз у еўрапейскай інфармацыйнай прасторы ніхто пра нас нічога не ведае. А тут такая навіна – ёсць Шарль Перо, ёсць браты Грым, а ёсць і беларускія казкі! Нават калі цікавіцца імі будуць толькі спецыялісты, то хоць яны змогуць паслухаць, пачуць і зразумець, што ў Беларусі таксама ёсць свая базавая, карэнная культура. Казкі – гэта ж не проста забава, гэта вопыт пакаленняў.
Іншыя праекты: прылада, каб пісаць электронныя лісты у ДАІ і адукацыя праз смартфоны
Мы займаемся не толькі культурніцкімі праектамі. Спадзяемся, што хутка выйдзе яшчэ адно прыкладанне для беларусаў, якое мы зрабілі за два дні. Яго працоўная назва – «Письмо в ГАИ». У нас ёсць вялікая праблема з парушэннямі Правіл дарожнага руху наконт паркоўкі. Ёсць людзі, якія не разумеюць аніякіх чалавечых аргументаў, і працягваюць паркавацца дзе захочуць. Убачыў, што чалавек паставіў машыну на газон ці на дзіцячую пляцоўку і ніяк не рэагуе на твае заўвагі – сфатаграфаваў аўто ў прыкладанні, запісаў нумар аўтамабіля і адрас, дзе адбылося парушэнне. Што ёсць добрага ў беларускіх дзяржаўных установах, дык гэта Закон аб электронных зваротах грамадзян. Сабраў дадзеныя – выбіраеш, куды выслаць свой зварот, у які аддзел ГУУС ці Мінгарвыканкама. Каб усё было па законе, абавязкова трэба напісаць свае дадзеныя, іначай атрымаецца ананімка, і яна не будзе ўспрымацца дзяржаўнымі ўстановамі. Прылада сама фарміруе электронны ліст патрэбнага фармату і высылае ў выбраную ўстанову. Па законе ўлады павінны прыняць меры – і гэта працуе!
Канешне, такое прыкладанне будзе ўспрынятае неадназначна. Ёсць людзі, якія лічаць, што гэта патрэбная справа, і што закон для ўсіх роўны, а не «ў мяне джып, я паркуюся дзе хачу». А ёсць людзі, якія мяркуюць: «Вы стукачы, сталіністы!» Я лічу, што кожны чалавек сам вызначае, дзе праходзіць рыса, і калі ёсць канкрэтны дзяржаўны механізм, якім ты можаш уплываць на неадэкватных людзей, і калі я магу дапамагчы карыстацца гэтым механізмам хутка, літаральна ў адну кнопку, то гэта можна і патрэбна зрабіць. Ніякай камерцыі тут, канешне, таксама няма: усё бясплатна, усталёўвайце і карыстайцеся.
Ёсць у мяне і глабальная ідэя, амаль што мара – зрабіць адукацыйны праект на смартфонах, які будзе ў простай форме развіваць інтэлект. Зараз ёсць такая тэндэнцыя: інфармацыі вельмі шмат, і ўсё ідзе ў бок спрашчэння. На што мы свой час трацім? На серыялы, на Angry Birds і Candy Crush Saga, на клікеры – гульні, у якіх ты проста павінен тапаць па экране як мага часцей. Нават калі паглядзець па анлайн-СМІ – амаль нікому не цікавыя палітыка, эканоміка, людзі чытаюць усялякія жартачкі. І гэта зразумела: інфармацыі шмат, а вольнага часу мала. Людзі звяртаюцца да дэвайсаў у чарзе, у грамадскім транспарце, і ў іх ёсць усяго 5-10 хвілін.
Мне хочацца, каб гэтыя 5-10 хвілін людзі трацілі на нешта хоць крыху карыснае. Ёсць сістэмы па трэніроўцы памяці і развіцці інтэлекту: розныя лагічныя задачы, заданні на ўважлівасць. Вось такую сістэму, якая б развівалася з часам, мне і хочацца стварыць. Але гэта вельмі вялікі праект, ён патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі. Калі хтосьці займаецца звязанымі з гэтай тэмай пытаннямі, мне было б вельмі цікава сустрэцца, пасупрацоўнічаць.
Не трэба сядзець і казаць: «Мы страцілі Беларусь, на беларускай мове ніхто не размаўляе», – або: «Паглядзіце, што робіцца на тэлебачанні, НТВ запаланіла ўсё, што нам рабіць!» Не трэба складаць рукі, класціся і паціху паўзці да могілак. Трэба нешта рабіць. Калі кожны нешта зробіць, хоць крышачку – будзе добра.
Але і не трэба нікога ламаць, прымушаць. Вось прыклад беларускай мовы: большасць людзей па-беларуску ў нас не размаўляе, ёсць нават людзі, якія агрэсіўна ставяцца да мовы: «Мы тут увесь час пражылі, размаўлялі толькі на рускай, навошта нам гэта патрэбна». Я лічу, што не трэба перасільваць людзей: не хочаш – не размаўляй. Але калі я маю магчымасць нешта зрабіць, то я зраблю – і, можа, з маёй працы ў кагосьці ўзнікне зацікаўленасць, зменіцца меркаванне.
Я касмапаліт, я даўно ўжо лічу сябе грамадзянінам сусвету, і я не лічу, што нам трэба закопвацца ў нацыяналізм. Ад нацыяналізму вельмі хутка можна прыйсці да нацызму, яны вельмі блізка. Я шмат вандрую па сусвеце і бачу, што паўсюдна людзі вельмі падобныя – і ў Еўропе, і ў Азіі. Калі чалавек не нейкі вырадак, то ён не будзе без прычыны рабіць табе дрэннае. Людзі добра ставяцца да цябе, калі ты добра ставішся да іх. А галоўнае – людзі могуць дамаўляцца. І дамаўляцца трэба. Калі я лічу, што з людзьмі можна супрацоўнічаць, што я магу нешта людзям даць, а яны могуць даць мне, то так і адбываецца. Калі я сяджу і кажу: «Усё дрэнна», – то ўсё сапраўды будзе дрэнна. У кожнага свой светапогляд, свая гісторыя, сваё кола сяброў, але мы ж можам нешта зрабіць разам, бо вы – чалавек, і я – чалавек.
Беларускія казкі для iPad можна падтрымаць на пляцоўцы Ulej.by ці на старонцы праекта.