Богам забытая СТА дзесьці за другім кальцом. Сустракае мяне вясёлы малады мужчына ў акуратным адзенні — відаць, не з механікаў, а з кіраўнікоў. Ён акуратна зачыняе за мною дзверы на ключ, выглядае ў вакно — ці не падглядае хто цікаўны? — і толькі тады раскрывае пакет і пачынае разглядаць змесціва.
У пасылцы месціцца малінавы фалаімітатар даволі сур'ёзнага памеру, сантыметраў на 18. Мужчына відавочна ўстурбаваны, ён разглядае штучны фалас з усіх бакоў, мацае, ціскае; я злёгку збянтэжаны, бо не разумею, што адбываецца. Нарэшце мужчына вырашаецца запытаць:
— Слухайце, а дзірку ў ім я змагу прасвідраваць?
Я, шчыра прызнацца, дагэтуль гумовыя члены ў руках ніколі не трымаў, не кажучы ўжо пра тое, што ні разу не спрабаваў іх свідраваць — у чым шчыра прызнаюся кліенту.
— А можна пацікавіцца, навошта вы яго свідраваць збіраецеся? — пытаю, спрабуючы стрымаць усмешку.
— Ды я ў падарунак купіў, на дзень нараджэння! Хачу ўставіць яго ў торт, а ўнутр — свечку!
Так пачалася мая кар'ера кур'ера ў сэкс-шопе.
Зрэшты, кар'ера — занадта гучнае слова для гэтай працы, а кур'ер — слова занадта сухое. На працы я адчуваў сябе не хлопчыкам на пабягушках, а сапраўдным Дзедам Марозам: мяне заўсёды чакалі як прадвесніка свята. Мяне — і мой вялікі мех з цацкамі.
Імі нават ёлку можна было ўпрыгожыць: стымулятары клітара замест шышачак, гронкі анальных шарыкаў замест гірляндаў, а замест вярхушкі — вялізарны фалас. Трэба толькі правільна прасвідраваць.
Першыя тыдні я, канешне, не разумеў, якую радасць нясу людзям: я страшна саромеўся, калі юнак у маёй прысутнасці правяраў працаздольнасць пятнаццацісантыметровага вібратара на платформе «Акадэміі навук» у гадзіну пік, чырванеў, аддаючы страпон пары смяшлівых цемнавалосых прыгажунь, зацята разглядаў падлогу, пакуль жанчына год трыццаці пяці ў суседнім пакоі прымярала на сябе строй медсястры з класічных порнафільмаў. Затое потым я пачаў атрымліваць ад працы сапраўдную асалоду, бо адчуваў сябе карысным для людзей. Аднойчы пару наручнікаў замовілі на звыклы адрас майго РТІшнага інтэрната, і калі я аддаваў замову знаёмаму хлопцу з суседняга паверха, бянтэжыўся ўжо толькі ён — я весела ўсміхаўся і запрашаў купляць у нас яшчэ.
З асаблівай спагадлівасцю мы ставіліся да пастаянных кліентаў, якія рэгулярна рабілі буйныя замовы. Памятаю, як мяне сустрэла ля дзвярэй жанчына за сорак у напаўпразрыстым пеньюары; я прывёз ёй чатыры вібрачлены на выбар. Яна спраўна распакавала ўсе цацачкі, прыцягнула батарэйкі і пачала выбіраць, які з імітатараў падабаецца ёй больш: уключаць на розныя хуткасці, прыкладаць да рукі і да шчакі. У дальніх пакоях таптаўся туды-сюды стройны мужчына ў халаціку — відаць, не мог дачакацца, калі я нарэшце сыду. Кліентка ніяк не магла справіцца з выбарам, яна нават вырашыла параіцца са мной: «Вось глядзіце, гэты мне падабаецца па памеры, затое ў гэтага вібрацыя значна прыемней». Я адказаў, што мне падабаюцца абодва. Па выніку яна забрала тры з чатырох — разнастайнасць руліць.
Часам выбар кліентаў мяне здзіўляў. Чаму гэта маленечкая крохкая дзяўчынка з пявучым голасам вырашыла набыць у нас вялізарны чорны член з рэалістычна набухлымі венамі? Навошта той абаяльнай квітнеючай даме спатрэбіліся танныя духі з ферамонамі? Хто давёў сімпатычнага юнака да неабходнасці купляць штучную вагіну? Няўжо яго так не любяць дзяўчаты? Я не адразу зразумеў, што на выбар кліента ўплывае выключна яго густ ды яго фантазія. Калі зразумеў — адчуў, што дапамагаю людзям адрывацца ад зануднай рэальнасці.
Я быў паштальёнам простага шчасця.
Бум замоў заўсёды прыходзіўся на «міжпалавыя» святы: меншы — на 23 лютага, крыху паболей — на 8 сакавіка, самы моцны — канешне ж, на дзень святога Валянціна. «Святочныя» кліенты, як правіла, былі куды больш сарамлівымі: змесціва пакетаў пры мне не правяралі, грошы рыхтавалі загадзя і аддавалі хутка, амаль ніколі не замаўлялі падарункі дадому. Назіраць за такімі кліентамі я любіў больш за ўсё: збянтэжаныя мужчыны у цёмных акулярах, разгубленыя старшакласнікі з дрыготкім голасам, студэнткі-першакурсніцы, якія аж сціскаліся ад сораму і пастаянна аглядваліся праз плячо, ці не сочыць за імі хто з сябровак. Адна студэнтка лінгвістычнага нават папрасіла прайсці з ёй да вугла бліжэйшай вуліцы — так не хацела, каб нехта аднакурсніц заўважыў, як яна набывае камплект эратычнай бялізны.
Я аб'ехаў з сэкс-цацкамі ў заплечніку ўвесь горад — ад Сухарава да Уручча, ад Навінак да Ангарскай. У сэксе, як і перад богам, усе мы роўныя.
Я вазіў надуўных жанчын чыноўнікам дзяржпрадпрыемстваў, прадаваў даражэзныя вібратары выкладчыцам каледжаў і ўнівераў, а мехавыя наручнікі — іх студэнтам. Мяне чакалі ўсе: спелыя маладыя настаўніцы, дагледжаныя метрасексуалы з залізанымі прычосачкамі, упэўненыя бізнэс-вуман на агромністых «Лексусах» і ціхія мужычкі на паўразваленых «Пасатах». Прыгожыя і страшненькія, высокія і нізкія, спартыўныя і тоўсценькія, тыя, ад якіх позірк не адвесці — і такія, да якіх на дзесяць метраў падыходзіць не хочацца. У сэксе, як і ў жыцці, мы заўсёды ў пошуку. Ты можаш быць вялікім, суворым і злым начальнікам — але ўсё зменіцца, калі я прывязу тваёй жонцы наручнікі, кляп і бізун. Ты можаш быць ціхай бухгалтаршай на заводзе шарыкавых падшыпнікаў — і твае калегі нават не будуць здагадвацца, што час ад часу ты прыходзіш у офіс з нізкай каляровых шарыкаў у трусіках.
Ты можаш славіцца сярод сяброў вечным бабылём, а вечарамі трахаць Джэсіку Альбу — і няважна, што ты проста даў такое імя надуўной ляльцы са зменнымі эластычнымі накладкамі на похву. У сэксе мы ўсе сапраўдныя. Калі адчуваеш у сабе жывёльнае — становішся сапраўдным чалавекам. Дурань, хто кажа, што сэкс — брудная справа: я не ведаю, што можа быць больш шчырым ды больш чыстым. Двойчы дурань той, хто лічыць кліентаў сэкс-шопаў вычварэнцамі: я бачыў іх сотні, і іх твары значна святлейшыя за вечна скрыўленыя фізіяноміі недатраханых маралістаў.
Сэкс-шоп, у якім я працаваў, даўно зачыніўся. Прызнацца, я так і не набыў ніводнай цацкі сабе — затое крыху навучыўся разумець людзей. Ні на адной іншай працы не ўбачыш столькі шчаслівых твараў. Ніякая іншая справа не акружыць цябе такой дзікай энергетыкай.
Кур'ер сэкс-шопа — амаль што трэці чалавек у ложку; няхай сабе ў сэксе ты і не ўдзельнічаеш, затое можаш быць упэўненым, што без цябе гэты сэкс быў бы зусім іншым. Ды што там трэцім — пэўна ж, часам у ложку няма нікога, акрамя твайго кліента і дзедмарозаўскага падарунку з твайго вялікага меха.