Мы занадта шмат спiм

Арт
Мастак Сяргей Грыневiч, чые працы захоўваюцца i ў прыватных калекцыях у Беларусі, і за мяжою, а таксама ў калекцыях такiх банкаў, як, напрыклад, Cai (Іспанія), Raiffeisen (Швейцарыя), расказвае пра свой боль, бутафарычны свет i адчыненыя вокны.

вы марыце?

Увогуле я баюся неяк агучваць свае мары, каб потым не расчароўвацца, што нешта з гэтага не спраўдзілася. І калі мары нейкія прыземленыя, нецікава атрымліваецца, калі яны спаўняюцца. Таму нешта я пакіну ў сабе. Але ёсць у мяне некаторыя глабальныя мары, напрыклад, пражыць як мага больш, маляваць да канца сваіх дзён. І мне вельмі не хочацца выходзіць на пенсію.

Ці памятаеце вы свой першы малюнак?

Я памятаю шмат малюнкаў з ранняга дзяцінства. Але першы –  гэта напэўна была вайна і гусар, бо менавіта ў той час выйшаў фільм «Гусарская балада», які вельмі мяне ўразіў. На салдатах была вельмі прыгожая форма, і я не адрозніваў, дзе там расейская форма, дзе французская, а проста намаляваў вайнушку.

Чаму вы абралі для жыцця менавіта Гродна?

Гэта быў свядомы выбар. Я вучыўся ў Мінску і пражыў тут 13 гадоў. Па вялікім рахунку, у Савецкім Саюзе не было вялікай розніцы паміж Мінскам і астатнімі больш-менш вялікімі гарадамі. Але Гродна меў некаторыя плюсы, у прыватнасці, маладому мастаку там было прасцей пачынаць сваю працу. Там было польскае тэлебачанне і радыё, і ў часы савецкага задушша гэта было як глыток свежага паветра. Да таго ж, у гродзенцаў заўсёды была магчымасць паехаць у Літву, куды шмат хто ездзіў папросту на каву. Не абышлося і без сентыментаў, бо недалека ад Гродна, у Ваўкавыскім раёне, я і нарадзіўся.

Што такое мастацтва?

Гэта, безумоўна, маё жыцце. І калі лічыць мае дзіцячыя малюнкі за мастацтва, я займаюся ім  усё жыццё і ўжо зусім не мыслю сябе без гэтага.

А што такое беларускае мастацтва?

Беларускае мастацтва – гэта мой боль і мой крыж, які я нясу ўсё жыццё. Я не кажу толькі пра сябе, бо ў нас ёсць шмат маладых таленавітых мастакоў. Пабываўшы ў розных краінах свету і пабачыўшы сусветнае і еўрапейскае мастацтва, я дакладна магу сказаць: Беларусь яшчэ, на жаль, не ўпісалася ў агульнасусветны і еўрапейскі кантэкст. Я вельмі спадзяюся пабачыць на сваім вяку, як нашыя мастакі будуць славіцца ня толькі тым, што яны захоўваюць нейкія нацыянальныя традыцыі, традыцыі нацыянальнай школы, але пераймуць і ўсё тое, чым багата сусветнае мастацтва. Сёння свет цалкам глабалізаваны, і мастацтва павінна вырашаць ня толькі нацыянальныя праблемы, але і тое, што хвалюе ўсю планету.

І што з гэтым рабіць?

Няма кагосьці аднаго, хто быў бы вінаваты ў той сітуацыі, што склалася сёння ў беларускім мастацтве. Шмат пытанняў да палітыкаў, бо не заўсёды ёсць магчымасць выехаць за мяжу праз візавы рэжым. Ёсць пытанні да тых, хто займаецца культурай і на дзяржаўным, і на прыватным узроўнях: у Беларусі вельмі мала прыватных галерэй, а менавіта яны маюць права браць удзел у буйных міжнародных выставах. У нас амаль што няма прыватнага арт-рынку, і таму краіна дасюль застаецца невядомай замежным аматарам мастацтва. Венецыянскае біенале – гэта добра, але гэта толькі частка свету мастацтва.

Вам цікава працаваць у Беларусі?

Канешне. У мяне ёсць добрыя ўмовы для працы, майстэрня, дзе я малюю. Прынамсі, два разы на год я выяжджаю ў Швейцарыю. Там таксама добрыя ўмовы для працы, і калі было б такое жаданне, я даўно з'ехаў бы за мяжу. Але жыццё і праца ў Беларусі і ў Гродна – гэта мой свядомы, прынцыповы выбар. Калі ты прыяжджаеш і працуеш за мяжой месяц, цябе сустракаюць як госця. А калі ты там застаешся, ты становішся канкурэнтам на вельмі насычаным арт-рынку. Таму я нікому не хачу замінаць, мне хочацца, каб мяне заўсёды сустракалі як госця.

Як вы можаце ацаніць выставачную дзейнасць на Беларусі?

Апошнім часам стала трошкі весялей у гэтым плане. Але замінае зноў жа адсутнасць канкурэнцыі, бо сучаснае мастацтва развіваецца ўсё ж такі на пляцоўках прыватных галерэй, якія ствараюць арт-рынак. У Беларусі, на жаль, іх сёння крытычна мала: каля пяці ў Мінску і тры ў Гродна. У іншых гарадах іх папросту няма. Таму пакуль аб канкурэнцыі на беларускім арт-рынку гаварыць нельга.

Зараз класічнае пытанне. Што хацеў сказаць аўтар тымі працамi, якія не так даўно былi прадстаўлены на выставе «Жаночы кантэкст»?

Гэта спроба гульні і дэканструкцыі стэрэатыпаў аб свеце і жанчыне ў прыватнасці. Бо сённяшні свет наш – ён бутафарычны, дэкаратыўны. Ён трошкі прафаніруе само жыццё. Слова амаль што нічога не значыць. Візуальнае больш пераконвае нас, чым рэальнасць. Мы больш верым выяве, чым арыгіналу. Нам больш падабаецца прыгожая карцінка, чым адчыненае вакно. Таму мэта гэтай выставы – развага над тым, як мы ўспрымаем тое, што адбываецца вакол нас.

Што для вас галоўнае ў вашай працы?

Заўсёды заставацца актуальным і цікавым для незаангажаванага гледача. Ацэнка крытыкаў і прафесіяналаў для мяне не такая важная, як водгук простага чалавека. І я бачу, што на выставах мае працы выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў. Даходзіць нават да чэргаў, каб сфатаграфавацца каля карцін. А гэта штосьці значыць.

Ці есць у вас нейкія забабоны?

Не, да забабонаў я стаўлюся абыякава, ня веру ў іх увогуле. Чорныя каты вельмі часта перабягаюць мне дарогу, а я проста не звяртаю на гэта ўвагу. Калі б я верыў і ў прыкметы, то ўвогуле нічога б не намаляваў.

А ці есць у вас нейкія прафесійныя сакрэты, якія вы нікому не адкрыеце?

Не, я заўсёды шчыра дзялюся ўсім, што тычыцца маіх карцін. Калі хтосьці аб нечым такім запытаецца, я з вялікай ахвотаю падзялюся ўсім, што ведаю. Тым больш, і сакрэтаў такіх асаблівых у мяне няма. У гэтым сэнсе я вельмі просты.

Любімы горад.

Гродна.

Любімы колер.

Сіні.

Пяць любімых мастакоў.

Хуан Міро, Антоні Тапіес, Лукас Кранах, Хасэ Рыбера, Ганна Абрамавіч.

Чаго вы баіцеся?

Жонкі.

А чаго не баіцеся?

Цемры.

Вы ўмееце танчыць?

Вельмі добра. Я займаўся бальнымі танцамі.

Хто вінаваты?

Мы, таму што занадта шмат спім.

І што рабіць?

Трэба спаць паменей.

У будучыні з'явіцца музей вашага імя?

Не, вельмі не хочацца.

Кім бы вы працавалі, калі б не мастаком?

Шафёрам. Мае знаемыя так казалі.

фото: http://www.ygallery.by/

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Возможно падение

Арт • редакция KYKY

В городе на трубах появились объявления. Осторожно!