22 июня 2021, 16:25

Педагог, исследовательница литературы и писательница Анна Северинец написала пост о том, чего так сильно ждут многие беларусы – как победа народа будет гулять по улицам Минска. А мы решили процитировать пост Анны. 

«Яна ўвойдзе ў горад на досвітку. Ціхая і пакуль незаўважная. Думаю, з боку Уручча. Альбо – Новай Баравой. Горад будзе яшчэ спаць: пустыя вуліцы, рэдкія машыны, а яна ідзе проста пасярод вуліцы, у белай сукенцы. Вось яна мінае бібліятэку, пераходзіць мост, Маскоўскую, Аграрна-тэхнічны (там яшчэ тады ўключалі з прыступак: «Уважаемые гараджане! Вы нарушаете...», – і людзі смяяліся ў адказ.

На Акадэміі навук яна паверне на Сурганава, у гэтую цесную вуліцу, дзе такое звонкае рэха, дзе воклічы калоны, адбіваючыся ад каменных сцен, працінаюць да касцей. Пройдзе паўз Рыгу да Бангалор, паверне на Багдановіча ў бок Нямігі, і пойдзе, пойдзе гэтай даўгой вуліцай (а вось на гэтым доме калісьці ўзнялі сцяг з надпісам «Шчучыншчына», і хвалямі па людскім моры бег смех і песня, а тут з балкона глядзелі бабулі і плакалі, а тут гаспадынька выкідала ў акно белыя просціны і чырвоны абрус). 

А пад мастом на Нямізе б'е барабан, а на мосце гудзяць ужо машыны, а калі яна паверне на Стэлу, з усіх бакоў будуць бяжаць ужо людзі, і плакаць, і абдымацца, і яна будзе азірацца ў натоўпе і лавіць поглядам смутныя абрысы: ён? Ня ён? Абазналася? Не? Мікіта? Саша? Генадзь? Рома? Вітольд? А навокал воклічы, спевы, там танчаць, там плачуць, там перакідваюцца крычалкамі, і ўсе становяцца на скамейкі, каб пабачыць мора з вышыні, і здымаюць абутак, і хтосьці раздае пітную ваду,  а хтосьці – кветкі. І людзі, хто стаміўся, сядзяць і ляжаць, раскінуўшы рукі, на газонах, а хто не стаміўся – ідзе і ідзе, праз Свіслач, праз Пярэспу, па Чарвякова, цераз Плошчу Перамен – і да Бангалор. 

І плыве рака ў Зялёны Луг, і ўпадае ў лес за кальцавой, і выплывае на шашу за Курапатамі. І гэтая дзяўчынка ў белай сукенцы ўжо і згубілася сярод людзей, недзе ідзе, пяе і смяецца, маладзенькая зусім.

І валасы ў яе, думаю, пафарбаваныя ў сіні, а можа, нават у ружовы, і на нагах белыя кеды, і  яна зусім простая і знаёмая, мы сто разоў яе бачылі ўжо на вуліцы, самая звычайная беларуская перамога».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме